Этнахатка – не проста будынак, а жывая кніга, дзе запісана наша спадчына
Нельга абмяжоўвацца сухімі фактамі з падручнікаў, калі гаворка ідзе пра мінулае. Менавіта веданне сваіх каранёў дае нам сапраўдную любоў да роднага краю. Краязнаўства – гэта ключ да скарбаў нашай культуры.
Вёска Казловічы – сапраўдная скарбніца гісторый, дзе жывуць таленавітыя людзі, якія беражліва захоўваюць традыцыі. Час няўмольны, але мы не павінны дазволіць забыцца пра подзвігі нашых дзядоў! І тут на дапамогу прыходзіць "Этнахатка сялянскага побыту", створаная Тамарай Міхайлаўнай Манько, якая адкрывае маладому пакаленню сапраўдны скарб – нашу спадчыну!
Усё пачалося ў 1996 годзе, калі Тамара Міхайлаўна прыйшла працаваць у Казловіцкую сельскую бібліятэку. Захопленая ідэяй зрабіць бібліятэку асяродкам беларускай культуры, яна, як аматарка старадаўніх рэчаў, асабліва вышыўкі і ткацтва, стварыла краязнаўчы куток "Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына".
З цягам часу дзякуючы падтрымцы вяскоўцаў, якія даносілі старадаўнія рэчы, калекцыя пашыралася. У Тамары Міхайлаўны з'явілася мара аб стварэнні сапраўднага музея беларускай культуры. За два дзесяцігоддзі працы ў бібліятэцы яна прыйшла да высновы аб неабходнасці асобнага памяшкання для экспанатаў. Выбралі закінуты дом побач з бібліятэкай, які патрабаваў рамонту.
Тамара Міхайлаўна з цеплынёй успамінае сумесную працу па аднаўленні хаты, у якой удзельнічалі і мясцовыя ўлады, і жыхары вёскі, і будаўнічая брыгада мясцовай гаспадаркі. Так, дзякуючы агульным намаганням, у Казловічах з'явіўся музей "Этнахатка".
А ў самой хатцы – свая гісторыя! Калісьці тут жыла Таццяна Зелянок. У 17 гадоў яна стала партызанскай сувязной. Яе ратны подзвіг адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і «Партызану Айчыннай вайны 2-й ступені». У мірны час да баявых узнагарод дабавіліся медаль «За доблесную працу» і знак «Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі». Жыхары Казловіч добра ведаюць яе, памятаюць і ганарацца ёю. Магчыма, таму ў хаце так утульна і цёпла, нягледзячы на старасць будынка.
19 снежня 2016 года вёска святкавала адкрыццё музея. Гэта стала сапраўдным падарункам для ўсіх. "Этнахатка сялянскага побыту" – гэта не проста музей, а жывая гісторыя, адноўленая дзякуючы шчодрасці і памяці старэйшых жыхароў, якія падзяліліся сваімі скарбамі для нараджэння музея. А Тамара Міхайлаўна зрабіла свята яшчэ больш душэўным, пачаставаўшы ўсіх традыцыйнымі беларускімі прысмакамі.
У трох пакоях "Этнахаткі" сабрана больш за 300 экспанатаў, якія дазваляюць уявіць жыццё нашых продкаў. Тут можна ўбачыць не толькі прадметы побыту і прылады працы, але і адчуць дух мінулага, дзякуючы дакументам, фатаграфіям і ўспамінам землякоў. Экспазіцыя музея – гэта сапраўдная скарбніца народнай культуры, дзе кожная рэч, ад ткацкага станка да вышытай кашулі, мае сваю гісторыю. Асаблівую цікавасць выклікае народнае адзенне, якому больш за сто гадоў! Музей падзелены на тэматычныя зоны: "Сенцы", "Сялянская хатка" і "Куток святліцы", якія дазваляюць паглыбіцца ў жыццё і побыт сялян канца XIX – пачатку XX стагоддзя.
Тамара Міхайлаўна спадзяецца, што гэты музей стане цэнтрам правядзення народных абрадаў, традыцыйных мерапрыемстваў, вячорак і экскурсій. І сёння можам упэўнена сказаць: яе намаганні не былі дарэмнымі!
За ўдзел у ХХV Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» музей быў адзначаны дыпломам III ступені на абласным узроўні, а на рэспубліканскім этапе заваяваў дыплом I ступені ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу». Гэтыя ўзнагароды — лепшае сведчанне энтузіязму і адданасці Тамары Міхайлаўны сваёй справе.
А «Этнахатка сялянскага побыту» – гэта люстэрка жыцця нашых продкаў. Тут кожны прадмет – сведка часу.
Дарэчы, дзякуючы навуковой справе вучаніцы 8 класа Даманавіцкай школы Таццяны Ефімовіч і яе кіраўніка настаўніка геаграфіі Марыі Заяц аб «Этнахатцы” даведаліся не толькі у другіх раёнах нашай краіны, а і ў Расіі. Іх праца перамагла ў конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў і студэнтаў «Турыстычны патэнцыял Калінкавіцкага раёна». А зусім нядаўна "Этнахатка сялянскага побыту"прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Усе жадаючыя маглі прыехаць і азнаёміцца з інтэр'ерам сядзібы









