Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

Калі за плячамі майстэрства і вопыт

Вадзіцель СВК “Дружба-Аўцюкі” Аляксей Давыдчык ужо і не памятае дакладна, якое па ліку ў яго жніво. Гаворыць, як атрымаў некалі яшчэ ў калгасе “50 год БССР” новы МАЗ, то амаль кожны год вазіў ад камбайнаў збожжа. Але дакладна іх лік пераваліў за дваццаць. І, здаецца, не было ніводнага жніва, каб Аляксей Сцяпанавіч перавёз меней за тысячу тон збожжа.

Памятаю, як гадоў дваццаць назад упершыню з ім пазнаёміўся. Разам з тагачасным старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Зінаідай Макарэвіч мы выязджалі ў поле каля Бярозаўкі, што на павароце на мехдвор. Так што за плячыма ў гэтага вадзіцеля багаты вопыт і майстэрства.

Віншуючы Аляксея Давыдчыка з працоўным дасягеннем, старшыня райвыканкама Павел Сілівончык разам са словамі ўдзячнасці таксама падкрэсліў, што ў такога вопытнага вадзіцеля ёсць чаму павучыцца больш маладым.

Між тым, каб перавезці тысячу тон збожжа, Аляксею Сцяпанавічу спатрэбіўся не адзін дзень напружанай працы. З раніцы і да позняга вечара ён перавозіць збожжа ад камбайнаў. І калі ўжо нават камбайны нанач глушаць рухавікі, Аляксей Давыдчык яшчэ ў дарозе на зерняток. Чалавек адкрыты і добразычлівы, ён з аптымізмам успрымае і вырашае праблемы, а таму па рабоце ў яго ўсё атрымліваецца. Можа, менавіта гэтыя адметнасці асабістага характару і дазваляюць яму дасягаць высокіх паказчыкаў у працы.

Шмат добрых чулых слоў і пажаданняў пачуў у свой адрас Аляксей Сцяпанавіч падчас віншавання ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі. Яму ўручылі Падзячныя лісты райвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райкама прафсаюза работнікаў АПК. Душэўнымі песнямі ўзнагародзіў хлебароба ансамбль “Чапурушкі”. А затым ён зноў сеў за руль МАЗа, каб загрузіцца збожжам і выканаць чарговы рэйс на зерняток.

Баннер Telegram канала