Іван Шамякін – яркі прыклад пісьменніка-грамадзяніна, які прысвяціў свой вялікі талент служэнню Айчыне і беларускай літаратуры. Народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адзін з нямногіх беларускіх літаратараў, якога называлі «жывым класікам».
2.Вершы пісьменніка раскрытыкавалі ў пух і прах
Яшчэ ў час вучобы ў тэхнікуме Іван Шамякін пачаў пісаць вершы. Пісьменнік успамінаў, як на паседжанні літаратурнага аб'яднання пры газеце «Гомельская праўда» былі раскрытыкаваны ў пух і прах яго вершы.
Разумеючы, што крытыка можа назаўжды адбіць у юнака зацікаўленасць літаратурнай дзейнасцю, кіраўнік аб'яднання, будучы пісьменнік Дзмітрый Кавалёў, прапанаваў Шамякіну паспрабаваць свае сілы ў прозе. Атрымалася нядрэнна.
Тады Іван і вырашыў, што паэт з яго не атрымаўся, і ўзяўся за прозу.
3.Удзельнічаў у Берлінскай аперацыі
У 1940 годзе Шамякін быў прызваны ў войска, праходзіў службу ў Мурманску ў зенітна-артылерыйскай частцы. У 1944-м перадыслакаваны ў Польшу. Прымаў удзел у Вісла-Одэрскай і Берлінскай наступальных аперацыях у саставе пражэктарнай роты. Для начальства складаў усемагчымыя рапарты , выпускаў насценгазету, баявыя лісткі. Тады ж пачаў публікавацца ў вайсковых газетах.
4.Пісаў творы ў зямлянцы
Дэмабілізаваўся Іван Шамякін восенню 1945 года. Вярнуўся ў родныя краі, стаў працаваць настаўнікам мовы і літаратуры. Начамі, жывучы ў паўразбуранай зямлянцы, пры керасінавай лямпе пісаў апавяданні і аповесці аб мінулай вайне. Паралельна вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута імя В. П. Чкалава (цяпер ДДУ імя Ф. Скарыны).
5.Тыраж 25 мільёнаў
Усяго з-пад пяра Івана Шамякіна выйшла 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п'ес, некалькі дзясяткаў апавяданняў, дзённікавыя запісы, вялізная колькасць артыкулаў, нарысаў. За 60 гадоў творчага шляху выйшлі ў свет 130 кніг пісьменніка агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экзэмпляраў. Лепшымі сваімі раманамі аўтар лічыў "Глыбокая плынь", "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", "Вазьму твой боль", "Петраград-Брэст", "Зеніт", "Злая зорка" і "Вялікая княгіня".
6. Быў простым чалавекам дзяржаўнага маштаба
Нягледзячы на высокія пасады — з 1971 па 1985 гады Іван Шамякін узначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, пісьменнік усё жыццё заставаўся простым і даступным чалавекам. Па вонкавым выглядзе яго цяжка было адрозніць ад тысяч мінчан і гасцей сталіцы на гарадскіх вуліцах. З людзьмі пісьменнік таксама заўсёды абыходзіўся з кропкі гледжання справядлівасці.
7.Ніколі не паяўляўся на публіцы без гальштука
Калі Іван Шамякін апранаў пінжак, то заўсёды павязваў гальштук. Гэта было абавязковым правілам. У яго асабістай калекцыі было больш за 40 гальштукаў.
8.Быў добрым сем’янінам
Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй будучай жонкай, Марыяй, ён пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. І ўжо ў 19 гадоў (1940 г.) ажаніўся з ёй. Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць — «Непаўторная вясна». Сваёй жонцы прысвяціў ён і адзін са сваіх апошніх твораў — «Слаўся, Марыя», які быў напісаны ўжо пасля смерці каханай. Разам у шчаслівым шлюбе яны пражылі 58 гадоў.
Шамякін цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. А лекары толькі разводзілі рукамі — не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: «Ён проста стаміўся жыць». Памёр пісьменнік праз 6 гадоў пасля жонкі, у 2004 годзе.
Ні вайна, ні іншыя нягоды не змаглі разлучыць закаханых. Але, па іроніі лёсу, іх разлучыла смерць. Жонка пісьменніка, Марыя Філатаўна, пахавана на Паўночных могілках Мінска. А самога Івана Шамякіна не маглі пахаваць там жа. Яго, як вядомага чалавека, пахавалі сярод іншых вядомых беларускіх дзеячаў на Усходніх могілках.










