Ганна Серафімовіч – адна ва ўсёй вёсцы








Мікулінск – вёска ў Зеляноцкім сельсавеце, знаходзіцца за 22 кіламетры на паўночны ўсход ад Калінкавіч і ў 5 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Халоднікі. Згодна пісьмовых крыніц, Мікулінск вядомы з 19 стагоддзя як пасёлак у Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета.
У 1834 годзе ў вёсцы налічвалася 5 двароў. У 1850 годзе Мікулінскам валодаў памешчык Міхайлаў. А ў 1879 годзе вёска ўжо пазначана як сяленне ў Даманавіцкім царкоўным прыходзе. Паводле перапісу 1897 года, у Мікулінску было 9 двароў, у якіх пражывалі 37 жыхароў. У 1908 годзе – 83 жыхары. У 1931 пасялкоўцы ўступілі ў калгас. У 1940 годзе ў Мікулінску было 15 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну ў 1944 годзе нямецкія акупанты поўнасцю спалілі пасёлак і забілі двух жыхароў. Пасля вайны жыхары адрадзілі Мікулінск, спаленыя хаты адбудавалі, адрадзілі свае селішчы з нуля. Але ж вёска так і не стала вялікім паселішчам. У 2004 годзе там было 6 гаспадарак і 9 жыхароў. Зараз жа, праз дваццаць гадоў, гэтага паселішча, можна сказаць, не існуе. Як расказаў старшыня Зеляноцкага сельвыканкама Анатоль Палазнік, сёння ў Мікулінску не прапісаны ні адзін чалавек. Але ж фактычна там ёсць адна жыхарка, якая прапісана ў Гарочычах.
На ўсю вёску ў Мікулінску тры хаты. Адна пустая. У другую прыязджаюць на лета дачнікі. А ў трэцяй жыве Ганна Серафімовіч – адна ва ўсёй вёсцы.
Двойчы на тыдзень да Ганны Іванаўны прыязджае аўталаўка. Спыняецца пад яе хатай і паштовая машына. Бывае, заязджаюць у Мікулінск з міні-канцэртамі артысты Зеляноцкага СДК.
- Жыву я ў гэтым пасёлку больш за дзесяць гадоў, адна ў вёсцы – больш за пяць. У горад я, можна сказаць, не езджу, толькі калі кладуць у бальніцу. Усё неабходнае купляю ў аўталаўцы. Яна да мяне іспраўна ездзіць. Калі мне нічога не трэба, тэлефаную Лене (прадаўцу крамы на калёсах), каб да мяне дарма не заязджалі. Спыняецца акурат ля майго дома і паштовая машына, – распавядае 71-гадовая Ганна Іванаўна. – Гэта матчына хата, яе ніхто не аформіў у спадчыну, таму і прапісацца тут я не магу. Прапісаная я ў Гарочычах. Ну, жыву тут адна, і што з гэтага? Я і не заўважаю таго адзіноцтва – работы ў мяне хапае. Раблю тое, што трэба, і добра мне.
Жанчына трымае немалую гаспадарку – курэй, гусей, індыкоў, парася, двух сабак-вартаўнікоў – Бэка і Алтая. Не так даўно ў Ганны Серафімовіч былі яшчэ і козы, і кралі. Сёння, кажа, сілы няма ўсё гэта даглядаць. Нават у лес гэтым летам мала хадзіла.
Распавядаючы пра сваё жыццё, Ганна Іванаўна расказала, што яе бацька прыйшоў з вайны інвалідам ІІ группы. Быў лесніком. Маці таксама працавала ў лясніцтве. У гады яе дзяцінства ў Мікулінску налічвалася не больш за 20 двароў. Але ў кожным было па 5-8 душ. Школы не было, за ведамі дзеці хадзілі на Убалаць.
– У вёсцы была крама і ферма. Але туды я працаваць не пайшла. Паехала да старэйшай сястры Тані ў Мінск. Уладкавалася на завод МАЗ у зварачны цэх. Жыла на кватэры, – расказала жанчына. – Потым нарадзіла сваю Людмілу і вярнулася дадому. Праз год пайшла працаваць у перасовачную калону Рагачоўскай ЛЭП, якая цягнула лінію электраперадачы аж за Ленінград. Была рабочай у сталовай. Дачка засталася дома з маці.
У 1979 годзе ў мяне нарадзіўся Слава. Пабыла з ім год дома і пайшла даіць кароў. Ферма знаходзілася паміж Убалаццю і Мікулінскам. Каля сямі гадоў я працавала даяркай. А потым не ведаю, што на меня найшло, мабыць, нячысцік паблытаў, – пайшла ў Гарочычы ў прымы. Адгаравала больш за 20 гадоў. Бітая не раз хадзіла. Не хочу сёння пра гэта і ўспамінаць…
У Гарочычах Ганна Серафімовіч працавала на ільнозаводзе, потым на ферме ў Рудзеньцы.
– Калі памерла маці, я вярнулася дадому, у бацькоўскую хату, – працягвае свой аповед Ганна Іванаўна. – Дапрацоўвала да пенсіі ў паляводчай брыгадзе мясцовага калгаса «Камунар». Непрыкметна з вёскі зніклі людзі, неяк адзін за адным. А з другога боку, хто мне тут патрэбны? Усё роўна не хапае часу па гасцям хадзіць – работы непачаты край…
Летам жанчына працуе на агародзе. Камбікорм для худобы і зерне дачка з зяцем ёй купляюць у Гарочычах. Дарэчы, яны часта наведваюць Ганну Іванаўну. Як і сын Слава.
За працай дні ў Ганны Серафімовіч праходзяць непрыкметна. Усе яны падобныя адзін да аднаго. А вечары адзіная жыхарка Мікулінска бавіць у кампаніі тэлевізара.
Таццяна КАПІТАН.