Понедельник, 20 апреля, 2026

Радио

Міхайлаўскае. Ціхая гавань, дзе мірна і спакойна, дзе дыхаецца лёгка

У пачатку снежня мы аднавілі нашы вандроўкі па малых населеных пунктах раёна. Раней гэтыя вёскі былі поўныя жыцця, там было шмат дзяцей і моладзі. Зараз жа яны ажываюць толькі летам, калі ў бацькоўскія хаты прыязджаюць дачнікі, каб заняцца сваімі агародамі. З надыходам зімы жыццё ў такіх вёсках замірае. Удалечыні ад гарадскіх выгод яно цячэ павольна і спакойна. Там жывуць тыя, каго можна назваць апошнімі з магікан, тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без малой радзімы.

Вёска Міхайлаўскае ў Савіцкім сельсавеце стала чарговай кропкай нашага маршруту.

Па пісьмовых крыніцах Міхайлаўскае вядома з XVI стагоддзя як сяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай вёска знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе гэта была слабада, уладанне памешчыка Міхайлава. У 1909 г. – хутар Міхайлаўск Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета, у якім налічвалася 26 двароў і 196 жыхароў. У 1913 годзе была адкрыта школа, якая размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавалі вятрак, кузня, стальмашня.

У Вялікую Айчынную вайну ў красавіку 1943 года нямецкія акупанты спалілі вёску і забілі 4 жыхароў. 58 вяскоўцаў загінулі на фронце.

У пасляваенныя гады насельніцтва вёскі пачало змяншацца: паводле перапісу 1959 года тут было 177 жыхароў. У 2004 годзе – 49 двароў, 98 жыхароў. У 1966 годзе да Міхайлаўскага далучана вёска Пагарэлая Слабада.

У 2009 годзе ў вёсцы пражываў 41 чалавек.

–Сёння іх сямнаццаць. Жылых 16 двароў, – расказвае па дарозе старшыня сельвыканкама Іна Блоцкая. – Хачу вам сказаць, што тут жывуць выдатныя людзі. Добрыя, спагадлівыя, якія заўсёды рады гасцям. Лепшы спосаб у гэтым пераканацца – пазнаёміцца з імі асабіста, што вы сёння і зробіце, бо амаль усе яны дома. Большасць жыхароў – пенсіянеры. З працуючых – Уладзімір Сарока, ён качагар у Савіцкім СДК, а таксама Васіль Рудчанка, які ўлетку працуе пастухом у гаспадарцы. Два дамы тут набылі гараджане пад дачы, але цяпер не сезон, яны ўжо з’ехалі. Вёска маланаселеная, два разы на тыдзень сюды ездзіць аўталаўка, пошту і пенсію прывозіць паштовая машына.

 

Ля парога першага дома, дзе мы спыніліся, звонкім брэхам нас сустракае сабачка. Тут пражывае Галіна Крэк, якой 5 студзеня споўніцца 88 гадоў. Яна была самая старэйшая з васьмі дзяцей у сям’і, а сёння адзіная, хто застаўся ў жывых. Пяцёра з’явіліся на свет ужо пасля вайны. Сям’і пашанцавала, бацька Аляксей Каваленка, вярнуўся з фронту жывым, і ў доме зноў з’явіўся гаспадар. А пакуль той быў на вайне, жонцы прыйшлося нялёгка, хаваючыся з малымі дзецьмі ад немцаў у Глускім раёне.

Галіна Аляксееўна пачала працаваць з дванаццаці гадоў. Скончыла пяць класаў, кінула школу і паехала ў Любанскі раён даіць кароў, каб зарабіць на паркалёвую сукенку і туфлі. Потым працавала афіцыянткай у сталовай у Азарычах, затым на маслазаводзе.

Жыццё Галіны Аляксееўны было поўнае выпрабаванняў. Вайна пакінула глыбокі след у яе дзяцінстве. Праца з юных гадоў навучыла шанаваць кожны зароблены грош. Паркалёвая сукенка і туфлі – гэта былі не проста рэчы, а сімвалы мары, імкнення да нармальнага, мірнага жыцця, якога так не хапала ў тыя суровыя гады.

Першы шлюб Галіны Аляксееўны з Андрэем Беленькім быў нядоўгім. У 43 гады ён памёр, а яна засталася ўдавой з пяццю дзецьмі. Другі раз Галіна Аляксееўна выйшла замуж за Канстанціна Крэка, якога таксама перажыла. Пасля нараджэння дзяцей жанчына уладкавалася даяркай у саўгас “Трамлянскі”. Была перадавой работніцай, неаднаразова ўзнагароджвалася і нават ездзіла на мерапрыемства ў Гомель.

Раней вёска сапраўды жыла. Была школа, ФАП, клуб, праз дарогу стаяла ферма. Нават пачалі будаваць дзіцячы сад, ды так і не дабудавалі, – успамінае былое Галіна Крэк.

Галіна Аляксееўна – шчаслівая бабуля дзесяці ўнукаў і трох праўнукаў. Дзеці яе не забываюць: дачка з зяцем наведваюць амаль кожны месяц, прыязджаюць ажно з Масквы.

Непадалёк ад Галіны Крэк жыве Валерый Шпаковіч, інвалід па слыху і мове з нараджэння. Ён 24 гады адпрацаваў на заводзе Крышталь”. Пасля звальнення жыў з маці, а калі тая памерла, застаўся адзін. Яго захапленнірыбалка і разгадванне сканвордаў. Узаемадзеянне са старшынёй сельсавета Інай Блоцкай ажыццяўляецца праз пісьмовыя паведамленні ў сшытку. Наша гутарка з Валерыем Георгіевічам таксама прайшла ў такім фармаце.

Знаёмства з жыхарамі вёскі Міхайлаўскага працягнулася візітам да сямейнай пары Сарока. Святлана Уладзіміраўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала фельчарам на мясцовым ФАПе. У Міхайлаўскае яна прыехала па размеркаванні ў 1987 годзе, сама родам з Навасёлак. Тут яна і сустрэла свой лёс – трактарыста Рыгора Сароку, тут нарадзіліся іх дзеці – дачка Валянціна і сын Раман. Ёсць і ўнучка Злата.

Рыгор Міхайлавіч быў перадавіком саўгаса “Трамлянскі”, а затым і ААТ “Радзіма”. Ён не раз абіраўся дэпутатам Савіцкага сельскага савета. Яго залатыя рукі не ведаюць спакою нават на пенсіі. Рыгор Міхайлавіч пастаянна нешта майструе і вынаходзіць. Сам сканструяваў агароднінарэзку, лушчылку для кукурузы і іншыя неабходныя ў гаспадарцы прылады. Муж і жонка трымаюць птушку і апрацоўваюць агарод.

Дарэчы, Святлана Уладзіміраўна – памочнік старшыні Савіцкага сельсавета па вёсцы Міхайлаўскае. Аднавяскоўцы звяртаюцца да яе не толькі з надзённымі пытаннямі, але і па параду па пытаннях здароўя, просяць зрабіць укол.

Самая найстарэйшая міхайлаўка – 92-гадовая Яўхімія Салаўянчык. Яе даглядае сын Вячаслаў Яфімавіч. Раней ён жыў у Бабруйску і працаваў на шынным заводзе. Дапамагае брату глядзець за маці і старэйшая сястра Ганна. Яўхімія Іванаўна мае чацвярых дзяцей, шматлікіх унукаў і праўнукаў. Усё жыццё яна працавала даяркай у саўгасе. Нягледзячы на сталы ўзрост, жанчына добра памятае ваенныя гады, якія лічыць самымі страшнымі ў сваім жыцці.

Яна прабыла сем дзён у Азарыцкім лагеры смерці. Там ім з маці давялося пахаваць малодшага браціка, які памёр ад тыфу.

– Было шмат трупаў, асабліва дзіцячых, – успамінае Яўхімія Іванаўна. – Там, у лагеры я не баялася смерці, такая была знясіленая і галодная. Наадварот, марыла заснуць і больш не прачнуцца. Нават сказала маці: Мы ўсё роўна ўсе памром”. Яна стала сварыцца: “Навошта ты пра такое думаеш? Бог нам абавязкова дапаможа. Лепш маліся, каб нас вызвалілі нашы салдаты”. За ўсё сваё жыццё страшней за вайну я нічога не бачыла. Зараз добра жыць, спакойна. Нашым дзецям і ўнукам няма на што скардзіцца.

Лідзія Юрчак таксама карэнная жыхарка вёскі. Сорак гадоў свайго жыцця яна працавала на мясцовай ферме даяркай. Яе праца была адзначана перамогамі ў сацыялістычным спаборніцтве ў 1974 і 1980 гадах, а таксама званнем ударніка адзінаццатай пяцігодкі. А яшчэ Лідзія Архіпаўна носіць званне маці-гераіня, яна выхавала пяцярых дзяцей. На жаль, аднаго сына ўжо пахавала. Цяпер яе сэрца саграваюць восем унукаў.

– Я пачала працаваць на ферме з дзесяці гадоў, – дзеліцца вяскоўка. – Вучыцца амаль не прыйшлося. Мы з братам хадзілі ў школу па чарзе, таму што ў нас былі адны лапці на дваіх.

Узімку ў доме Лідзіі Юрчак знаходзіць прытулак яе стрыечны брат Мікалай Сянько. Мікалай Пятровіч – чалавек адзінокі, самотны, чый лёс склаўся няпроста. Лета ён праводзіць у сваім доме, а з надыходам халадоў перабіраецца да сваячкі.

– Не хачу ў інтэрнат. Тут, у сваёй вёсцы, на сваёй зямлі мне лепш, – кажа ён.

Надзея Сарока, якая нарадзілася ў 1935 годзе, дагэтуль памятае, як разам з маці хавалася ў лесе ад немцаў. Жыццё ператварылася ў пастаянныя ўцёкі: варта было з’явіцца ворагу ў вёсцы – і ўсе накіроўваліся ў лес, а калі вораг сыходзіў – вярталіся ў родныя дамы.

Частымі гасцямі ў Міхайлаўскім былі не толькі немцы, але і партызаны. Яны аблюбавалі гэтыя глухія, лясныя месцы. Людзі ахвотна дапамагалі ім, дзяліліся апошнім, бо партызаны былі іх надзеяй. Але менавіта гэтая дапамога, на жаль, прывяла да трагедыі ў красавіку 1943 года.

З самай раніцы ў вёску наляцелі немцы. Яны хапалі моладзь, падлеткаў для адпраўкі ў Нямеччыну на прымусовую працу. Да гэтага ўжо каля дваццаці чалавек забралі, і толькі пасля вайны стала вядома, што яны працавалі на нямецкіх заводах. Маці крычалі, плакалі, кідаліся ў ногі фашыстам.

Партызаны, якія хаваліся непадалёк у лесе, не вытрымалі. Яны адкрылі агонь і забілі двух акупантаў. Астатнія паспелі схавацца. Людзі, прадчуваючы немінучую бяду, спешна кінуліся ў лес.

На наступны дзень на Міхайлаўскае абрынуўся карны атрад. Акупанты падпалілі вёску і пачалі прачэсваць навакольны лес. Тых, каго ўдалося знайсці, сагналі ў вялікі калгасны хлеў і замкнулі. Тых жа, хто спрабаваў бегчы, расстрэльвалі ў спіны. Чацвёра загінулі. Вёска ж згарэла дашчэнту - усе 150 дамоў.

– Каб ніколі больш свет не бачыў той вайны, – кажа Надзея Мітрафанаўна.

Як і большасць аднавяскоўцаў, яна працавала ў саўгасе: на ферме, у брыгадзе. Нядаўна Надзея Мітрафанаўна пазбавілася прытулку – яе дом згарэў пры пажары. Цяпер яна жыве ў будынку былога сельскага ФАПа разам з сынам. Дзве дачкі жывуць у Якімавічах, адна – пад Бабруйскам.

Сёння цяжка паверыць, але калісьці ў Міхайлаўскім была васьмігадовая школа. Яе і скончыла наша наступная суразмоўца Людміла Гацко, народжаная Салаўянчык. Старэйшыя класы яна заканчвала ўжо ў Савіцкай школе. Затым была вучоба ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме і сорак гадоў працоўнага стажу на заводзе “Белшына”. Там жа Людміла Канстанцінаўна сустрэла свайго будучага мужа Мікалая Рыгоравіча.

Бацька Людмілы Канстанцінаўны, інвалід вайны Канстанцін Салаўянчык, заклаў у Міхайлаўскім выдатную традыцыю: у Дзень Перамогі, 9 мая пасля ўрачыстага мітынгу ля брацкай магілы, усе аднавяскоўцы збіраліся ля іх дома. На вуліцы накрывалі сталы, і ў коле блізкіх і сяброў святкавалі Дзень Перамогі.

Ваяваў і брат маці, настаўнік Уладзімір Крэк. На жаль, ён загінуў, але ліст, які ён пісаў сваёй нявесце з фронту, Людміла Канстанцінаўна беражліва захоўвае да гэтага часу. Яго перадаў сям’і сябар дзядзькі, аднапалчанін, які захоўваў яго пасля вайны.

– Маці працавала даяркай на ферме, заўсёды была ў ліку лепшых. Тата быў брыгадзірам. У нашай сям’і было чацвёра дзяцей. Я самая малодшая, – дзеліцца Людміла Канстанцінаўна. – Вядома, мы заўсёды прыязджалі сюды летам, нават пасля смерці бацькоў. Але канчаткова асталявацца тут вырашыў мой муж. У 50 гадоў ён пайшоў на льготную пенсію і перабраўся ў Міхайлаўскае. Ён знайшоў сябе тут. Завёў гаспадарку: свіней, качак, курэй, сабаку. Я яшчэ працавала, чатыры гады прыязджала сюды па выхадных. А цяпер вось і я жыву тут пастаянна. Нашы дзеці наведваюць нас, ім тут падабаецца. У нас дзве дачкі і трое ўнукаў – усе хлопчыкі. Я з унукамі з задавальненнем хаджу на рыбалку на канаўку, такая вось бабуля з вудамі. Летам мы з мужам не вылазім з лесу. Грыбы – выдатная дапамога да пенсіі, скажу я вам. Па вечарах любім згуляць у карты ці нарды. Нам тут вельмі добра. Асобнае дзякуй сельсавету і клубу за іх клопаты. Яны памятаюць пра жыхароў нашай аддаленай вёскі, нават арганізуюць для нас выязныя канцэрты і віншаванні са святамі.

У Міхайлаўскім усе ведаюць пенсіянерку Вольгу Рудэнка не як Вольгу, а як Валю. Так хацелі назваць яе бацькі, аднак у сельсавеце па нейкай прычыне запісалі Вольгай. Так і пайшло з дзяцінства – Валя ды Валя. Бацька Вольгі Мікалаеўны быў лясніком, а маці працавала ў брыгадзе.

Пасля выхаду на пенсію Вольга Мікалаеўна цалкам прысвяціла сябе жыццю ў Міхайлаўскім, жыве ў бацькоўскай хаце. Да заслужанага адпачынку жанчына працавала ў сферы гандлю. Пасля гэтага клапацілася пра маці. З часам абзавялася гаспадаркай. Упраўляцца з агародам удаве дапамагаюць сыны.

Вольга Мікалаеўна трымае коз, курэй, сабаку. Менавіта ў кампаніі рагатых гадаванцаў мы і спаткалі жанчыну на маляўнічым лузе за хатай.

Я душы не чаю ў сваіх козачках, у кожнай ёсць імя. Яны ж мае карміцелькі. Малочныя прадукты ў аўталаўцы не купляю, бо ў мяне заўсёды ёсць сваё свежае малако і сыр, – дзеліцца вяскоўка. - Я жыву тут пастаянна ўжо 18 гадоў і ні на што не прамяняю гэтае паветра на гарадское. Мне тут так добраціха і спакойна...

Баннер Telegram канала