Четверг, 21 мая, 2026

Радио

Шчадраваць адзін да аднаго ходзім і Новы год разам сустракалі. Як у вёсцы Ямнае зімуюць трое жыхароў

Машына жвава імчала нас па аўтамабільнай дарозе Калінкавічы – Бабруйск. На гэты раз мы накіраваліся ў адзін з самых маланаселеных пунктаў нашага раёна – вёску Ямнае, што знаходзіцца на тэрыторыі Капліцкага сельсавета.

Абапал шашы – шэрыя лясы, іх змянялі такія ж пазбаўленыя яркіх фарбаў, палі. На двары – амаль сярэдзіна студзеня, а ў прасторы нейкі асенні смутак, неба зацягнута шчыльнымі хмарамі. Але на душы ўсё роўна было радасна: наперадзе сустрэча з новымі людзьмі, новымі ўражаннямі.

Людзі ў маленькіх вёсачках жывуць, у нейкім адметным рытме. У іх памяркоўны лад жыцця, свае асабістыя клопаты. Яны даўно змірыліся з адсутнасцю вытворчасці і працоўных месцаў, ды, шчыра кажучы, ім яны ўжо і не патрэбны. І без выгод цывілізацыі яны выдатна сябе адчуваюць удалечыні ад гарадской мітусні, захоўваюць жыццё сваёй малой радзімы.

…Згодна пісьмовых крыніц, вёска Ямнае была заснавана ў пачатку 20 стагоддзя перасяленцамі з суседніх вёсак. Значэнне назвы населенага пункту зразумела і без тлумачэння: яна звязана з асаблівасцямі рэльефу мясцовасці.

У 1908 годзе Ямнае ўпамінаецца як хутар у Кракавіцкай воласці Рэчыцкага павету, у якім пражывала толькі 5 жыхароў.

Вядома, што ў 1931 годзе ў вёсцы арганізавалі калгас. У населеным пункце працавала пачатковая школа, у якой у 1935 годзе налічвалася 54 вучні.

З Вялікай Айчыннай вайны дадому не вярнуліся 26 сяльчан. Так у апошнія гады вайны ва Усходняй Прусіі загінулі Сцяпан Алісейка і Ігнат Шпак, у Карэліі – Піліп Варатковіч і Павел Барысенка. Канстанцін Шаблінскі і Павел Крук склалі свае галовы ў Польшчы, Клім Ганчарэнка і Мікалай Шаблінскі загінулі на тэрыторыі Беларусі. Памяць аб іх захоўвае стэла, усталяваная ў 60-гадах мінулага стагоддзя ў цэнтры вёскі па ініцыятыве жыхароў. Як удакладніў старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук, каб было куды на Дзень Перамогі вяскоўцам прыйсці і пакласці кветкі.

Паводле перапісу 1959 года, у Ямным пражывала 114 жыхароў, многія з іх працавалі ў саўгасе “Каплічы”.

Планіроўка вёскі складалася з прамалінейнай, кароткай вуліцы, забудаванай сялянскімі хатамі. Была тут і крама. Цяпер два разы на тыдні ў Ямнае прыязджае аўталаўка. Ездзіць у вёску і машына з поштай.

Яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ямным пражывала 11 жыхароў. У 2013 годзе, згодна прапісцы, іх было трое, а фактычна у вёсцы пражывала шэсць чалавек.

Зараз жа у Ямным налічваецца пяць хат. У вёсцы ніхто не прапісаны, але яна не знікла з карты раёна. Пастаянных жыхароў, “апошніх з магікан”, тут трое. На лета ў Ямнае ў бацькоўскія хаты Мірыеўскіх і Дземідовічаў прыязджаюць дачнікі. Яшчэ адна хата з участкам і копанкай – дача Палазнікаў.

…Ну вось мы і на месцы. Як і казаў Генадзь Кавальчук, у Ямным няма трухлявых хат з абваленымі сценамі, выбітымі шыбамі і парушанымі стрэхамі. Усе пустуючыя дамы своечасова знесены, частку вызваленай плошчы перадалі лясніцтву, астатнюю ўзаралі пад сельскагаспадарчыя патрэбы. Жылыя ж хаты знаходзяцца на адлегласці адна ад другой, нібыта хутаркі. Яны пахаваліся за дрэўцамі бэзу, вольхі, асіны ды арэшніку, што растуць абапал дарогі.

Спыняемся на пляцоўцы, якая ў Ямным з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам вёскі. Там улетку праходзяць сустрэчы землякоў, святы вёскі. У аўторак і пятніцу менавіта тут робіць прыпынак аўталаўка. На пляцоўцы ёсць бяседка, стаяць сталы з лавамі. І нават красуецца ўпрыгожаная да навагодніх святаў ёлка.

На пляцоўцы ўжо чакае аўталаўку адзін з жыхароў Ямнага Вікенцій Паўлоўскі. За гаспадаром увязаліся і два яго сабакі.

– О, начальнік прыехаў! Дзень добры, – вітаецца вясковец з Генадзем Кавальчуком. – І гасцей, як бачу, прывёз.

А тут і аўталаўка пад’ехала, апавясціўшы аб сваім прыбыцці гучным сігналам. Чакаем, пакуль Вікенцій Ільіч “затарыцца”.

– Дай мне, бацькаўна, хлеб, батон, малако, тварог і вось той тоўстай каўбаскі, – просіць у прадаўшчыцы. – Яшчэ пачку “Мінска”. І бутылачку моцнай давай, скора ж Стары Новы год, калядаваць да пляменнікаў пайду, ці яны да мяне завітаюць. Сечкі яшчэ дай – сабакам варыць.

– Хочаце пернікаў з павідлам? – пытаецца прадавец. – Ці можа што з садавіны?

– Такога дабра ў мяне хапае. І апельсіны, і мандарыны дома ляжаць.

На маё пытанне, ці ўсё, што трэба, у аўталаўцы ёсць, адказвае:

– Усё нам прывозяць, усяго хапае, – і з усмешкай працягвае: – Жанчын толькі тут няма. Ужо 17 гадоў як я аўдавеў.

Вікенцію Паўлоўскаму 77 гадоў. У Ямнае ён перабраўся пасля таго, як пайшоў на заслужаны адпачынак.

–Не хацеў, каб цешчыну хату закапалі, – растлумачыў ён. – Ды і добра мне тут – цішыня, спакой, свежае паветра, рэчка побач… Адным словам, родныя мясціны. Я ж таксама мясцовы. У Ямным нарадзіўся, вырас тут. У кожнай хаце па пяць – шесць дзяцей было. У маіх бацькоў – тры хлопцы і дзеўка. Я самы малодшы. Бацька Ілля Францавіч ваяваў, з фронта з медалямі прыйшоў. Бачыце лес? – працягвае для нас экскурсію ў мінулае суразмоўца. – Там раней ферма стаяла. Была ў вёсцы і школа. У ёй усе святы і вяселлі гулялі, бо клуба ў Ямным не было. Ды што нам на вуліцы мерзнуць? Хадземце ў хату. А ты, начальнік, дапамажы сумкі данесці, – звяртаецца да старшыні сельвыканкама.

Дома ў Вікенція Паўлоўскага таксама стаіць ёлка.

–А які ж Новы год без яе? Традыцыі – ёсць традыцыі, – кажа гаспадар. – На Новы год я да пляменнікаў хадзіў. Да двух часоў ночы за сталом сядзелі, тэлевізар глядзелі. На Коляды паглядзім, хто да каго калядаваць пойдзе.

Да арміі Вікенцій Паўлоўскі працаваў на трактары. Потым быў фізруком у добраахвотным спартыўным таварыстве «Ураджай» пры саўгасе “Каплічы” і сакратаром камсамольскай арганізацыі. У жонкі сабе выбраў аднавяскоўку Веру Шпак, з якой выгадаваў дваіх дачок і дачакаўся трох унучак.

Пасля жаніцьбы Вікенцій Ільіч з сям’ёй пераехаў у Мазыр, працаваў у рачным парту на плаўкране. Потым перайшоў ў леспрамгас, быў майстрам брыгады падсочкі, якая здабывала жывіцу. На заслужаны адпачынак пайшоў па льгоце ў 58 гадоў. Потым яшчэ дзевяць гадоў працаваў на пенсіі.

Гаспадарку, акрамя сабак, Вікенцій Паўлоўскі ўжо не трымае. Кажа, усё можна ў аўталаўцы купіць, ці ў Каплічы ў краму на машыне з’ездзіць. Яго старэнькая “Ауді” яшчэ добра бегае, бо дагледжаная.

Вольны час, а яго ў Паўлоўскага зараз шмат, Вікенцій Ільіч любіць бавіць на Іпе з вудай у руках.

 

Яго пляменнік Анатоль Паўлоўскі таксама заўзяты рыбалоў. Ён нават матацыкл пад сябе поўнасцю перарабіў, каб зручна было па рыбу ездзіць.

– Я інвалід другой групы, нагамі далёка хадзіць мне цяжка. Хата гэта бацькоўская. Як маці памерла, так я сюды з Мазыра і перабраўся. У горадзе што? Балкон – пад’езд. А тут – свабода, свежае паветра. Некалькі гадоў жыў адзін. Брат з сёстрамі часта ў госці прыязджалі. А цяпер вось з сястрой разам жывем, – расказаў Анатоль Міхайлавіч.

– Рыба хоць тут водзіцца? – запытаўся ў яго наш фотакарэспандэнт.

– А як жа! І ў канаве, і ў Іпе. Карасі, ліны, шчупакі пападаюцца. Без рыбы з рэчкі з дзядзькам не вяртаемся.

 

Старэйшую сястру Анатоля Паўлоўскага Валянціну Багінскую Генадзь Кавальчук “назначыў” галоўнай у вёсцы. Яна яго памошніца па Ямным. Прапаў у вёсцы свет, зімой дарогу замяло і аўталаўка не змагла даехаць – старшыня заўсёды у курсе ўсіх мясцовых пытанняў.

–Людзі тут добрыя жывуць, дружныя, з імі ў мяне няма ніякіх праблем, – кажа Генадзь Кавальчук.

Ды і нешматлікія жыхары Ямнага задаволены мясцовай уладай, кажуць, што пра іх помняць, не забываюць.

Валянціна Міхайлаўна з братам таксама ўпрыгожылі к Новаму году не толькі хату, але і двор. Паставілі і там, і там па елачцы. Трымаюць брат з сястрой і невялічкую гаспадарку. Яйкі ў аўталаўцы не купляюць, свае куркі нясуць.

–Я поварам у дзіцячым садку ўсё жыццё працавала, – расказала Валянціна Багінская. – Як на пенсію ў 55 гадоў пашла, так у бацькоўскую хату да брата і перабралася. Жыву тут ужо 10 гадоў. Дзеці, унукі да нас часта прыязджаюць у госці, тут жа прырода, паветра, лес побач – прыгажосць! Я душою тут адпачываю.

–Не сумуеце па гораду?

–Адназначна, не. Хапіла мне ўжо яго. Настаў такі узрост, калі хочацца цішыні і спакою. А ў горадзе я і так часта бываю, калі хочацца дзяцей праведаць, з унукамі дачушкам дапамагчы. Іх у мяне дзве, і столькі ж унукаў.

Вось так адным пахмурным зімовым днём, перад Старым новым годам мы завіталі ў вёску Ямнае, пагутарылі з яе нешматлікімі жыхарамі – шчырымі, дабрымі і гасціннымі. І хоць іх засталося вельмі мала, вёска Ямнае жыве. І гэта галоўнае.

Баннер Telegram канала