Туравічы: У гармоніі з прыродай на роднай зямлі

































Машына жвава імчыць нас па шашы ў напрамку Шыічаў, а далей у вёску Туравічы, якая ў пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1703 годзе Мазырскі земскі пісар Я.Камароўскі атрымаў ад караля Жыгімонта II Аўгуста на яе прывілей.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) вёска ўвайшла ў склад Расійскай імперыі як валоданне Яленскіх, а потым – казны. У 1879 годзе пазначана як паселішча Сухавіцкага царкоўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 78 двароў, 516 жыхароў, дзейнічаў хлебазапасны магазін.
У 1908 годзе вёска знаходзілася ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Па вопісу населеных пунктаў Мазырскай акругі за 1924 год у Туравічах налічвалася 122 гаспадаркі і 716 жыхароў. У 1929 годзе быў арганізаваны калгас “Чырвоная Дуброва”, працавалі паравы млын, кузня, пачатковая школа, у якой у 1935 годзе навучаўся 141 вучань.
У гады Вялікай Айчыннай вайны 67 вяскоўцаў загінулі на фронце.
13 студзеня 1944 года Туравічы былі вызвалены часцямі 75-й гвардзейскай стралковай дывізіі. А ў маі 1944 года жыхароў перасялілі ў вёску Булаўкі, дзе яны жылі да пачатку аперацыі “Баграціён”, пакуль ваенныя дзеянні не перамясціліся далей ад гэтых месцаў.
Паводле перапісу 1959 года ў Туравічах жыло 505 чалавек. Вяскоўцы працавалі ў саўгасе “Ненач”, цэнтр якога быў у Шыічах. І яшчэ ў 2004 годзе ў Туравічах налічвалася 56 гаспадарак і 121 жыхар.
Сёння ўсё гэта ўжо гісторыя. Калісьці тут кіпела жыццё. У кожным доме чуўся смех, бо сем’і былі вялікімі, па пяць-сем чалавек. Але час няўмольны. Некалі вялікая, гаманлівая вёска ператварылася ў маланаселены пункт. Маладыя з’ехалі ў горад у пошуках лепшай долі. Пачатковая школа, калісьці напоўненая дзіцячым смехам, крама, дзе раней можна было купіць усё неабходнае, клуб, дзе па вечарах гучала музыка і збіраліся аднавяскоўцы – толькі напамін пра былое. І цяпер Туравічы – гэта ціхая мясціна, дзе ў асноўным жывуць жанчыны-удовы сталага ўзросту. Яны – жывыя сведкі гісторыі, удзельнікі падзей, пра якія мы чытаем у падручніках. Яны памятаюць і вайну, і пасляваеннае разбурэнне, і ўздым краіны, і перабудову. Кожная з іх – гэта скарбніца мудрасці, чалавек, які многае пабачыў на сваім вяку.
Сёння ў Туравічах зарэгістраваны 31 жыхар. Фактычна жылых хат там амаль у тры разы менш. Улетку жыхароў прыбывае: прыязджаюць дзеці ў бацькоўскія хаты. Чатыры хаты пад дачы купілі гараджане.
Разам са старшынёй Шыіцкага сельвыканкама Юліяй Яновіч і ўраджэнкай вёскі бібліятэкарам Таццянай Лягун знаёмімся з сённяшнімі жыхарамі Туравічаў.
Прамая вуліца, да якой з поўдня далучаецца завулак, а з поўначы – дзве кароткія вуліцы.
–Вось тут, дзе расце лес, раней стаялі хаты. А там, дзе аўтобусны прыпынак, была крама, – расказвае Таццяна Лягун. – Шмат людзей у вёсцы жыло, дзяцей было багата. Працавала нават пачатковая школа.
Спыняемся каля хаты 91-гадовай Надзеі Ільінічны Говар.
–Я тут яшчэ не самая старэйшая, – з усмешкай кажа жанчына. – Як жывём тут, пытаецеся? Сёння жыць добра, а вось здароўя ўжо няма. У маладосці папагаравалі мы. Я да 30 гадоў у Сухавічах жыла. Працавала на ферме з 13 гадоў. Нават двух класаў не скончыла. Нас у бацькоў пяцёра было. Бацька ваяваў, прыйшоў з фронта і хутка памер. Не да навукі было. Працавалі за трудадні, калгасныя соткі апрацоўвалі, ды яшчэ і свая гаспадарка немалая была. Пайшла я ў Сухавічах замуж за свайго Шуру, ён слесарам на ферме працаваў, нарадзілі двух дачок, а потым пераехалі ў Туравічы. Трымалі па дзве каровы, качак, індыкоў, курэй. Сёння дзіву даюся, як на ўсё сіл хапала! А вечарамі яшчэ вышывалі, на вячоркі бегалі. У мяне і сёння, глядзіце, колькі гэтага вышывання ў шафе! Чым сёння займаюся? Тэлевізар гляджу, бачыце, які вялікі дзеці мне купілі! Малахава стараюся не прапускаць, пра вайну люблю глядзець, а вось кінаў-серыялаў не гляджу. З гаспадаркі ў мяне толькі кошка адна.
Да каго вы яшчэ пойдзеце? Да Аляксандраўны? Ідзіце, то ж сяброўка мая. Адна адну ходзім адведваць.
Надзея Харланчук была ў двары.
–Цішэй, Жучок! Не брашы, свае, – ласкава звярнулася яна да невялічкага чорна-белага сабачкі. – Гэта і вартаўнік, і сябра мой. Праходзьце, ён не кусае.
Надзея Аляксандраўна адзначыла ў маі 90-гадовы юбілей. За яе плячыма – доўгае і насычанае жыццё, поўнае працы і клопату пра блізкіх. Яна працавала бухгалтарам у калгасе, загадчыцай фермы, тэхнікам-асемянатарам, а перад выхадам на пенсію – у мясцовай краме.
–Родам я з Вялікіх Вадовічаў, – распавядае Надзея Аляксандраўна. – Скончыла 10 класаў, вывучылася на бухгалтара ў Славечна. Пасля вучобы мяне накіравалі ў Шыічы. А калі калгасы некалькіх вёсак аб’ядналі, я перайшла на ферму. Яе пабудавалі ў 1960 годзе. Трымалі каля сотні кароў і дзвесце бычкоў. Працавалі сем даярак і чатыры даглядчыкі.
Лёс звязаў Надзею Аляксандраўну з франтавіком Аляксеем Харланчуком. Ён працаваў у будаўнічай брыгадзе і сваімі рукамі пабудаваў іх дом. Разам яны выгадавалі чацвярых дзяцей.
–Аднаго нашага сына, Уладзіміра, ужо няма з намі, – з горыччу кажа Надзея Аляксандраўна. – Ён жыў у Вялікім Ноўгарадзе і памёр у 63 года. Пахавалі яго тут, на радзіме. Малодшы сын, Генадзь, жыве ў Маскве. Дачка – у Цвярской вобласці, а другая – у Жлобіне. У мяне чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Надзея Харланчук выглядае бадзёра і энергічна.
–Трэба больш рухацца, займацца фізічнай працай, – дзеліцца яна сваім сакрэтам. – Так і ў газетах пішуць!
Газеты Надзея Аляксандраўна чытае без акуляраў. Яна і цяпер імкнецца штосьці рабіць па гаспадарцы, травіну якую вырваць у агародзе.
–Пакуль жывая і пры памяці, запісала ў сшытак свае ўспаміны пра вайну. Мне тады было шэсць гадоў, я ўсё памятаю. Які страх мы перажылі! Я ўсё гэта запісала для ўнукаў і праўнукаў, каб яны ведалі, што такое вайна, і шанавалі мірнае неба над галавой, – завяршае свой аповед Надзея Аляксандраўна.
Мы сфатаграфавалі запісы Надзеі Харланчук. Думаю, іх можна будзе выдаць пазней асобным артыкулам.
Крочым па вясковай вуліцы далей да хаты сельскай настаўніцы Любові Говар. Любоў Васільеўна – выпускніца Мазырскага педагагічнага вучылішча, прыехала ў Туравічы ў 1954 годзе па размеркаванні і прысвяціла больш за 40 гадоў свайго жыцця Туравіцкай пачатковай школе.
Яна была першай настаўніцай для некалькіх пакаленняў мясцовых дзяцей і пакінула глыбокі след у гісторыі Туравічаў.
У 93-гадовай жанчыны трое дзяцей, чатыры ўнукі і столькі ж праўнукаў. На здымку яна са сваёй праўнучкай Ангелінай.
Як і іншым жыхарам вёскі, у хатніх справах жанчыне дапамагае сацыяльны работнік. Дарэчы, усе жанчыны гавораць пра сацработніцу Алену з вялікай цеплынёй, не скупяцца на пахвалы і кажуць, што тая ім як родная дачка.
Паліна Несцераўна Харланчук – найстарэйшая жыхарка Туравічаў. Ёй 95 гадоў. Тут яна нарадзілася, стварыла і сваю сям’ю.
–Бацька загінуў на фронце, быў сапёрам. Маці было вельмі цяжка адной, але мы змагаліся, выжывалі, як маглі, – успамінае Паліна Несцераўна. – Я выйшла замуж за суседа. З маім Міхаілам мы пражылі разам 61 год. Выгадавалі дачку і трох сыноў. Усё жыццё я працавала даяркай на ферме, а да замужжа два гады – на прамкамбінаце ў горадзе: рабіла крэслы і канапы. Міхаіл паспеў папрацаваць трактарыстам на цаліне, а потым быў прадаўцом ў нашай вясковай краме. Ясляў і дзіцячых садкоў тады не было, і нам вельмі пашанцавала, што побач жыла яго маці, яна нам дапамагала.
Цяпер пра Паліну Несцераўну клапоцяцца дачка Людміла, якая тры гады таму вярнулася на малую радзіму з Санкт-Пецярбурга, і сын Андрэй. Яшчэ два сыны – Аляксандр і Васіль – жывуць у Бабровічах.
У маладосці Паліна Несцераўна добра вышывала і шыла. Па словах дачкі, абшывала ўсю вёску. І нават цяпер, у свае 95 гадоў, яна шмат часу праводзіць за швейнай машынкай, шые разнастайныя торбачкі і сумкі.
Яшчэ адна вяскоўка Вера Говар 34 гады працавала даяркай на мясцовай ферме. Яна ўспамінае:
–Даілі ўручную па 17-18 кароў. Буракі, бульбу, сена цягалі на сабе. І сёння праца ў жывёлагадоўлі нялёгкая, а тады і зусім была цяжкай. Але спраўляліся. І дома ўсё паспявалі: і дзеці дагледжаныя былі, і гаспадарка ў парадку. Я сама родам з Жыткавіцкага раёна. У Туравічы пайшла замуж. Са сваім Міхаілам пазнаёмілася ў Калінкавічах, на чыгуначным вакзале. Працаваў ён трактарыстам у саўгасе. Чацвярых дзяцей мы выгадавалі. Цяпер засталося трое, малодшая дачка памерла. Няма ўжо і Міхаіла Іванавіча. Затое сёння ў мяне восем унукаў і сем праўнукаў. Спадзяюся, усіх правільна палічыла, – усміхаецца Вера Іванаўна. – З гаспадаркі трымаю курэй, ката і сабаку.
А вось Зінаіда Якаўлеўна Амяльчук – паштальён з 38 гадовым стажам.
–У тыя часы гаспадарак было шмат, і я разносіла газеты, часопісы, пенсіі, – успамінае яна. – Людзі пісалі лісты, адпраўлялі святочныя паштоўкі.
Я нарадзілася тут, а мой муж, Анатоль, быў родам са Смалянкі. Працаваў трактарыстам у саўгасе. Цяпер, вядома, усё не так, як раней. Усе палі вакол, якія цяпер засявае гаспадарка, былі людскія.
Зінаіда Якаўлеўна і сёння трымае невялікі агарод. У яе трое дзяцей, трое ўнукаў і праўнучак.
За братам Зінаіды Якаўлеўны Леанідам была замужам Валянціна Гецман.
–Нарадзілася я ў Сяльцах. Пасля вайны наша сям’я перабралася ў Туравічы, у дзедаву хату. Бацька загінуў на фронце, нас у маці чацвёра было. Сёстры тыфам захварэлі, памерлі, засталіся толькі я з братам. Я дарэчы таксама ўжо дваіх сваіх дачок пахавала, – з сумам гаворыць Валянціна Іванаўна. – А сыны мае, Васіль і Віталь, працуюць у мясцовай гаспадарцы. Дачка Тамара жыве ў Мазыры, у школе працуе. А я амаль усё жыццё працавала на ферме. Быў невялікі перапынак, калі ў клубе кінамеханікам была. А сёння вось з палкамі хаджу, ды толькі дзецям камандую, што трэба зрабіць.
Яшчэ адной жыхарцы вёскі Вользе Паштарэнка 88 гадоў. Хоць родам яна з Мазыра, у Туравічах жыве ўжо тры дзесяцігоддзі. Пераехала сюды разам з мужам, каб даглядаць яго маці. Дзіўна, але свякруха Вольгі Ларыёнаўны ва ўзросце 85 гадоў пайшла замуж за мясцовага жыхара, так што муж і жонка заадно прыглядалі і за ім.
У Мазыры Вольга Ларыёнаўна працавала санітаркай у радзільні, а яе муж Міхаіл на птушкафабрыцы. Разам яны выгадавалі пецярых дзяцей, з якіх сёння ў жывых чацвёра. Усе яны жывуць у Мазыры. Вольга Ларыёнаўна – шчаслівая бабуля 12 унукаў і прабабуля 7 праўнукаў.
Свякруха і яе муж даўна памерлі. Пахавала Вольга Ларыёнаўна і свайго мужа. Але яна так і засталася жыць у Туравічах. Раней трымала кароў і коз, а цяпер яе падворак поўны іншых гадаванцаў: 14 катоў і 7 сабак. Жывёл у вёску падкідваюць, а яна не можа пакінуць іх галоднымі. Утрымліваць такую жыўнасць на адну пенсію няпроста, але Вольга Ларыёнаўна вельмі любіць сваіх падапечных. У вольную часіну яна любіць чытаць кнігі і газеты.
Мы вырашылі наведаць і некаторых дачнікаў. Хаця супругаў Канаш дачнікамі і назваць складана – гэта бацькоўскі дом Валянціна Уладзіміравіча. Ён і сёння працуе зваршчыкам у ААТ “Неначскае”. Яго жонка, Тамара Андрэеўна, таксама калісьці працавала тут: аграномам-насенняводам, начальнікам участка. Яна ўспамінае, якім вялікім і моцным быў саўгас “Ненач”, спецыялізаваўся не толькі на жывёлагадоўлі, але і на агародніцтве. Вырошчвалі ўсё: агуркі, памідоры, цыбулю, капусту, рэпу, моркву, бульбу.
–На ферме было пяць хлявоў: два кароўнікі і тры цялятнікі, – распавядае Тамара Андрэеўна. – Мы ў гэтым доме, дарэчы, і жылі, тут я нарадзіла двойню. Потым пераехалі ў горад, але на выходныя прыязджалі пастаянна.
Тамара Канаш 33 гады працавала ў “Белаграпрамбанку”. А калі выйшла на пенсію, з галавой акунулася ў клопаты аб доме і падворку. Дом аднавілі, двор акультурылі, цяпер ён патанае ў кветках.
А вось Любоў Харлан кожнае лета прыязджае ў Туравічы з Санкт-Пецярбурга. Гэта яе родны дом.
–Нас у бацькоў было сямёра, я пятая. Бацькі заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, каб усіх нас падняць. У сямнаццаць гадоў я паехала ў Ленінград, вывучылася на прадзільшчыцу і засталася там працаваць. Трыццаць сем гадоў аддала прадзільна-нітачнаму камбінату. Бацькі, Васіля Пятровіча, не стала ў 1983 годзе, а мамы, Варвары Маркаўны, у 2015-м. Яна пражыла доўгае жыццё – 95 гадоў. Бацькоў няма, а я ўсё роўна кожнае лета сюды езджу. Душой прыкіпела. Агарод тут саджаю. А на зіму сын забірае мяне назад разам з ураджаем. Яшчэ сабаку вось завяла. Прыблудзіўся летась, без аднаго вока, хтосьці, відаць, выкінуў небараку. Улетку ён са мной, а на зіму прашу суседак наглядаць за ім, – расказала Любоў Васільеўна.
Такой вось убачылі мы ў адзін з сонечных чэрвеньскіх дзён маланаселеную вёску Туравічы і яе жыхароў. Там, нібы ў іншым вымярэнні, час цячэ павольней, а паветра напоўнена цішынёй і водарам траў. Мы пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі і адчулі іх асаблівую сувязь з гэтай зямлёй. У кожным поглядзе – любоў да роднага краю, а ў кожным слове – гонар за сваю малую радзіму. Яны жывуць у гармоніі з прыродай і знаходзяць шчасце ў працы на роднай зямлі.
І, напэўна, яны нават не задумваюцца аб тым, што гэтая зямля, якую яны так любяць, у адказ дорыць ім нешта большае, чым проста пражытак. Яна дорыць ім энергію, даўгалецце, напаўняе сэрцы спакоем і ўпэўненасцю. Гэта іх крыніца сілы, іх апора. І ў гэтай простай, але глыбокай сувязі крыецца сакрэт іх шчасця.