Пятница, 24 апреля, 2026

Радио

Убалаць. Свята яднання на зямлі продкаў

У мінулую суботу ў вёсцы Убалаць, што ў Зеляноцкім сельсавеце, адбылося доўгачаканае свята землякоў, якое сабрала ўраджэнцаў вёскі з усіх куткоў Беларусі. Больш за 110 чалавек прыехалі на сустрэчу, каб успомніць дзяцінства, пагутарыць з роднымі і блізкімі, і проста адчуць сябе часткай вялікай і дружнай сямі. І гэта пры тым, што пастаянных жыхароў у Убалаці засталося ўсяго каля дваццаці! Такі прыклад яднання кажа сам за сябе.

Людзі прыязджалі семямі, каб паказаць дзецям месцы, дзе прайшло іх дзяцінства, сустрэцца са сваякамі і сябрамі, якіх даўно не бачылі. Успаміналі гісторыі з мінулага, дзяліліся навінамі аб сучаснасці.

Сёлета ў вёскі асаблівая нагода для гонару – 175 гадоў з дня яе ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. У 1850 годзе Убалаць была пазначана як валоданне памешчыка Міхайлава ў Мазырскім павеце Мінскай губерні.

Юбілей стаў выдатнай нагодай для арганізацыі маштабнага свята. Ініцыятыўная група мясцовых жыхароў – Таццяна Бачынская з мужам Валерам, Наталля Місун, Людміла Салук, Святлана Змушка і Уладзімір Змушка – узяла на сябе нялёгкую задачу па арганізацыі мерапрыемства. Дзякуючы іх энтузіязму, актыўнай працы ў сацыяльных сетках і “сарафаннаму радыё”, свята сабрала шмат людзей і атрымалася па-сапраўднаму душэўным і запамінальным.

Напярэдадні ўрачыстасці на ўездзе ў вёску ўсталявалі і асвяцілі паклонныя крыжы – пры ўездзе ў вёску з галоўнай трасы на Ліпава і на выездзе ў бок Блажкоў, па-майстэрску вырабленыя мясцовымі ўмельцамі Васілём Місуном і Аляксандрам Салуком. Чын асвячэння паклонных крыжоў здзейсніў настаяцель храма Св. Спірыдона Трыміфунцкага іерэй Сергій Карповіч.

У суботу к абеду пляцоўка перад імправізаванай сцэнай ужо была запоўнена людзьмі.

Старшыня Зеляноцкага сельвыканкама Анатоль Палазнік, вітаючы вяскоўцаў і гасцей, падкрэсліў, наколькі дружныя ўраджэнцы Убалаці, як шчыра яны любяць сваю малую радзіму. Ён таксама прапанаваў у год 80-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашыстскімі захопнікамі вось так разам, за кошт сродкаў самаабкладання, замяніць пліту з прозвішчамі ля помніка загінулым землякам на новую, гранітную. І гэтую прапанову вяскоўцы падтрымалі.

Недалёка ад сцэны размясціліся тэматычныя пляцоўкі. Зеляночская сельская бібліятэка прадставіла рэтра-выставу прадметаў побыту і старых фатаграфій. Госці свята з хваляваннем разглядалі экспанаты, пазнавалі на здымках сябе і сваіх сваякоў.

Не абышлося і без кранальных момантаў. У многіх на вачах блішчалі слёзы, калі гучалі песні пра родны край, калі ўспаміналі аднавяскоўцаў, якія пайшлі з жыцця. Свята стала не толькі нагодай для весялосці, але і магчымасцю ўшанаваць памяць тых, хто ўнёс уклад у гісторыю вёскі.

Асаблівай папулярнасцю карысталася экспазіцыя ваенна-гістарычнага клуба «Калінкавіцка-Мазырскі пошук». Моладзь і дзеці, ды і дарослыя таксама, з задавальненнем фатаграфаваліся са зброяй і ў ваеннай форме, частаваліся сапраўднай салдацкай кашай.

На свяце ўшанавалі найстарэйшую жыхарку вёскі, 97-гадовую Ганну Мікалаеўну Салук. Павіншавалі з 75-гадовым юбілеем Таццяну Аляксееўну Клімовічмаці пяцярых сыноў, бабулю сямі ўнукаў і ўжо прабабулю. Не забыліся і пра сямейную пару БаянМіхаіла Міхайлавіча і Валянціну Іванаўну, якія ўжо 58 гадоў разам, выхавалі трох дзяцей, маюць чатырох унукаў і столькі ж праўнукаў.

На імправізаваную сцэну пад апладысменты падымаліся і іншыя вяскоўцы, кожны з іх унёс свой уклад у гісторыю вёскі.

Паўсюль панавала святочная атмасфера, усмешкі, весялосць. Выдатную музычную праграму падрыхтавалі артысты Зеляночскага сельскага Дома культуры.

Пасля ўрачыстай часткі пачалося шчодрае застолле. Сталы ламіліся ад пачастункаў, прыгатаваных мясцовымі гаспадынямі. А затым распачалася конкурсна-забаўляльная праграма і дыскатэка, якія завяршылі гэты незабыўны дзень.

Свята ў Убалаці стала яскравым прыкладам таго, якая моцная сувязь чалавека з роднай зямлёй, як важна памятаць свае карані і падтрымліваць адзін аднаго. І гледзячы на шчаслівыя твары тых, хто сабраўся, на тое, як старэйшае пакаленне дзеліцца ўспамінамі з моладдзю, як дзеці з захапленнем разглядаюць старыя фатаграфіі і прымяраюць ваенную форму, разумееш, што Убалаць – гэта не проста кропка на карце. Гэта месца, дзе жывуць людзі з адкрытым сэрцам, якія памятаюць свае карані і шануюць сваю малую радзіму, дзе беражліва захоўваюцца традыцыі і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Арганізатары свята, натхнёныя поспехам, ужо будуюць планы на будучыню. Яны спадзяюцца, што сустрэча землякоў стане добрай традыцыяй, і з кожным годам будзе збіраць усё больш і больш ураджэнцаў вёскі. Бо дзе б ні знаходзіўся чалавек, яго заўсёды будзе цягнуць да родных мясцін, да зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас, да людзей, з якімі звязаны самыя цёплыя і светлыя ўспаміны.

І хай вёска Убалаць сёння ўжо невялікая, але яе жыхары даказалі, што сіла – у адзінстве, у любові да сваёй малой радзімы. І пакуль жыве гэта сувязь, б’ецца сэрца вёскі, жыце зямля продкаў.

Таццяна КАПІТАН.

Баннер Telegram канала