Понедельник, 20 апреля, 2026

Радио

Я тут жыву, і край мне гэты вельмі дарагі. Жыхары Ужынца адзначылі Дзень вёскі

У канцы верасня ў вёсцы Ужынец адбылося свята вёскі. Жыхары, а таксама тыя, хто там нарадзіўся і вырас, госці сабраліся ў населеным пункце разам, каб падзяліць радасць падзеі, якая стала падставай для цёплай сустрэчы, яркім момантам, які абяднаў усіх, хто звязаны з гэтымі прыгожымі мясцінамі.

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства пад назвай «Я тут жыву, і край мне гэты дарагі» вядучая Любоў Яраш са сцэны абвясціла:

Ёсць у Беларусі куточак, даражэй якога няма і не будзе. Гэта наша малая радзіма, наша зямля, наша любімая вёска Ужынец.

Гэтыя простыя, але глыбокія словы падкрэслілі асаблівую сувязь людзей з іх родным краем і знайшлі водгук у сэрцах усіх прысутных.

Свята пачалося з цёплых і сардэчных пажаданняў ад старшыні Юравіцкага сельвыканкама Галіны Трасцянок. Яна цёпла і сардэчна павіншавала ўсіх прысутных, падкрэсліўшы, што менавіта людзі робяць любое месца асаблівым. Яны – жыхары – сапраўдная каштоўнасць Ужынца, тыя людзі, хто тварыў яго гісторыю, хто жыве тут сёння, і хто працягне развіццё вёскі. У знак павагі да гэтых людзей, Галіна Трасцянок прапанавала прадоўжыць святочнае мерапрыемства ўшанаваннем землякоў.

За шматгадовую добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета яна падзякавала Святлане Жолуд.

Пасля слова ўзяў галоўны аграном СВК «Дружба-Аўцюкі» Уладзімір Савянок, ураджэнец Ужынца. Для яго было ганаровай місіяй – выказаць падзяку за працу ветэрану гаспадаркі Яўгеніі Цімашэнка і ўручыць ёй памятны падарунак ад гаспадаркі.

Найстарэйшай жыхарцы вёскі, 87-гадовай Яўгеніі Рубан, быў уручаны падарунак ад сельсавета. А сама Яўгенія Аляксандраўна, у сваю чаргу, пачаставала ўсіх гасцей свята сваім фірмовым духмяным, уласнаручна выпечаным хлебам. Кожнаму хапіла па кавалачку гэтага смачнага сімвала гасціннасці, выпечанага з любоўю, цеплынёй і пяшчотай.

У той святочны дзень вёска з гонарам і ўдзячнасцю ўшаноўвала сваіх паважаных ветэранаў працы. Асаблівыя словы падзякі і Падзячныя лісты былі ўручаны: Ніне Жолуд – за яе вялікі ўклад у сферу адукацыі. Ніне Гапоненка – за шматгадовую працу ў кааперацыі. Тамары Яраш – за заслугі і адданасць справе культуры.

З глыбокай павагай і цёплымі ўспамінамі на свяце былі адзначаны і працаўнікі сацыяльнай службы: Пётр Рубан, Тамара Рубан, Яўгенія Рубан, Ганна Барысенка і Святлана Прышчэп.

Анатоль і Надзея Кудрыцкія атрымалі Падзячны ліст сельсавета і памятныя падарункі за выдатнае афармленне свайго падворка і падтрыманне парадку на прыдамавой тэрыторыі. Іх стараннасць і працалюбства робяць Ужынец яшчэ ўтульней.

Асаблівую ўвагу надалі юбілярам гэтага года, а таксама тым, хто ўнёс неацэнны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы. Не забыліся і пра ветэранаў працы, у тым ліку тых, хто доўгія гады прысвяціў сябе працы ў мясцовым лясніцтве і іншых арганізацыях, забяспечваючы дабрабыт і росквіт вёскі. Ім былі сказаны цёплыя словы падзякі за адданасць сваёй справе. Свята стала сапраўдным сімвалам павагі да старэйшага пакалення і прызнання іх заслуг.

Для ўсіх гасцей Дня вёскі прагучалі па-сапраўднаму душэўныя музычныя падарункі. Сваім талентам гледачоў радавалі артысты Юравіцкага СДК, а таксама таленавітыя ўраджэнцы Ужынца: Ніна Гапоненка, Андрэй Міцуля, Віктар Міцуля і Аляксандр Рубан.

Удзельнікі свята змаглі таксама акунуцца ў гісторыю вёскі на выставах, падрыхтаваных бібліятэкарам Любоў Яраш.  Асаблівае захапленне выклікалі працы мясцовых народных умеліц  Яўгеніі Рубан і Ганны Качан. Таксама была прадстаўлена выстава карцін пакойнай Таццяны Жолуд, якія выклікалі ў вяскоўцаў настальгічныя эмоцыі.

Свята Ужынца прайшло вельмі душэўна. Здавалася, быццам час спыніўся. Людзі размаўлялі, дзяліліся навінамі, успаміналі былое, і ў кожным поглядзе чыталася радасць ад сустрэчы. Жыхары выказалі цвёрдую ўпэўненасць: такія святы павінны стаць штогадовымі. Бо гэта не толькі магчымасць пабачыцца з тымі, каго даўно не бачыў, але і шанец адчуць сябе часткай адной вялікай,

дружнай сям'і, абяднанай любоўю да роднай зямлі.

Баннер Telegram канала